Вучэнне без умення не карысць, а бяда. ( прыказка).
Сучасная педагогіка сёння разглядае адукацыю як працэс, які накіраваны на самаразвіццё асобы вучня, на пашырэнне яго магчымасцей кампетэнтнага вырабу свайго жыццёвага шляху.
У адпаведнасці з актуальнымі запатрабаваннямі часу галоўнай задачай агульнаадукацыйнай установы з’яўляецца падрыхтоўка адукаванага і творчага грамадзяніна рэспублікі, здольнага да пастаяннага развіцця і самаадукацыі. Вядома, гэта патрабуе і ад сучаснага настаўніка беларускай мовы і літаратуры пошуку новых метадаў, прыёмаў і форм навучання.
З кожным днём уласнай педагагічнай працы ўсё больш і больш пагаджаюся з думкай вядомага расійскага педагога-наватара Л.В.Занкова, які сказаў: “Усебаковае развіццё, духоўнае багацце не можа быць дасягнута па прымусу. Сапраўднае духоўнае багацце складаецца тады,
калі чалавек сам цягнецца да ведаў, да навукі, да мастацтва”. Праблема фарміравання ўшкольнікаў станоўчай матывацыі да вывучання беларускай мовы і літаратуры ўжо на працягудваццаці гадоў стала асноўнай у маёй выкладчыцкай дзейнасці.
Як заахвоціць вучняў вучыцца і дасягаць добрых вынікаў? У гэтым мне дапамагаюць актыўныя метады навучання-гэта метады, якія характарызуюцца высокай ступенню ўключанасці вучняў
у навучальны працэсс, актывізуюць іх пазнавальную і творчаю дзейнасць пры вырашэнні пастаўленых задач.
Істотнымі прыкметамі актыўных метадаў навучання з'яўляюцца:
1) праблемнасць, калі вучань самастойна вымушаны шукаць неабходную інфармацыю, узаемадзейнічаць з іншымі вучнямі
ці з настаўнікам, аналізаваць уласны вопыт; 2) адпаведнасць вучэбна-пазнавальнай дзейнасці характару рэальнай жыццядзейнасці;
3) узаеманавучанне; 4) высокі ўзровень матывацыі вучняў; 5) творчы характар вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў; 6) індывідуалізацыя;
7) накіраванасць на фарміраванне кампетэнцый, сярод якіх вядучымі з'яўляюцца камунікатыўныя, інтэрактыўныя і даследчыя.
Спосабам рэалізацыі метаду, яго састаўной часткай з'яўляецца прыём. Адны і тыя ж прыёмы могуць выкарыстоўвацца ў розных метадах навучання.
У сучасных педагагічных тэхналогіях: тэхналогіі рознаўзроўневага навучання, праблемнага навучання, развіцця крытычнага мыслення, гульнёвых тэхналогій, тэхналогіі інтэрактыўнага навучання закладзены актыўныя метады і прыёмы, якія дапамагаюць мне садзейнічаць фарміраванню розных кампетэнцый.
Метапрадметныя вынікі - гэта ўніверсальныя навучальныя дзеянні, якія актывізуюць разумовую дзейнасць вучняў. Вучні павінны назіраць, параўноўваць, фармуляваць пытанні, выказваць гіпотэзы, рабіць вывады, схемы, і ў гэтым дапамагаюць актыўныя прыёмы навучання.
На ўроках з прымяненнем актыўных метаў і прыёмаў навучання цесна пераплецены этапы азнаямлення з вучэбным матэрыялам,
яго замацаванне і практычнае прымяненне.
Я спынюся на тых прыёмах, якія накіраваны на дасягненне метапрадметных вынікаў.
Прыём для стварэння матывацыі на ўроку " Альтэрнатыўны тэст"
Класу дэманстрыруецца на экране па яшчэ не вывучанай новай тэме ланцужок правільных і памылковых сцвярджэнняў, з якіх пазней вучням прапануецца выбраць тыя, што, на іх думку, з'яўляюцца правільнымі
і абгрунтаваць гэта. Напрыклад, у 6-ым класе тэма "Прыметнік як часціна мовы".
1. Прыметнік - гэта службовая часціна мовы, якая абазначае прымету прадмета і адказвае на пытанні як? які? куды? адкуль?
2. Прыметнік - гэта часціна мовы, якая абазначае прымету прадмета
і адказвае на пытанні які? якая? якое?якія? чый? чыя? чыё? чые?
3. Прыметнік змяняецца па ліках і склонах, а ў адзіночным ліку - і па родах.
4. Прыметнік змяняецца толькі па ліках.
5. Прыметнікі ў залежнасці ад значэння падзяляюцца на якасныя, адносныя і прыналежныя.
6. Прыметнікі ў залежнасці ад іх значэння падзяляюцца на дапаўняльныя
і прыналежныя.
7. У сказе прыметнікі з'яўляюцца любым членам сказа.
8.У сказе прыметнікі з'яўляюцца азначэннем і выказнікамі.
Гэты прыём дазваляе фарміраваць у вучняў інтарэс да пазнання і адкрыцця новага.
Прыём сістэматызацыі, абагульнення атрыманых ведаў " Ці ведаеце вы, што..."
Вучні па чарзе зачытываюць сцвярджэнні і , калі, на іх думку,
яно правільнае, гавораць: "Веру". Калі яны думаюць, што яно няправільнае, гавораць: "Не веру" і называюць правільны варыянт. Выкарыстоўваю пры падагульненні і сістэматызацыі вывучанага
па раздзеле "Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія" ў 5-ым класе.
1. Фанетыкай называецца раздзел навукі аб мове, у якім вывучаюцца літары. (Няправільна-вывучаюцца гукі)
2. Напісанне слоў не заўсёды адпавядае іх вымаўленню.(Правільна)
3. У беларускай мове 7 галосных гукаў.(Няправільна-6)
4. Звонкімі называюцца зычныя гукі, якія ўтвараюцца з шуму пры ўдзеле голасу.(Правільна)
5. Гукі[ ж], [ш], [дж],[ ч]- шыпячыя.(Правільна)
6. Гук [ й ] можа быць цвёрдым і мяккім.(Няправільна- толькі мяккім)
Прыём арыенціроўкі вучняў на прыняцце мэты ўрока "Кластар".
Пры вывучэнні тэмы "Колькасныя і парадкавыя лічэбнікі" карыстаюся гэтым прыёмам. На аснове тэарэтычнага матэрылу самастойна складаецца кластар.
- На якія пытанні адказваюць колькасныя лічэбнікі, парадкавыя лічэбнікі? Што абазначаюць?
- А як яны змяняюцца? (Па склонах - адзін; два- па ліках, родах)
- На якія групы падзяляюцца колькасныя, парадкавыя лічэбнікі паводле структуры?
- Якую сінтаксічную ролю яны выконваюць?
Прыём "Тоўстыя і тонкія пытанні" можна выкарыстоўваць для глыбокага
і дасканалага асэнсавання матэрыялу. Мэта гэтага прыёму - уменне фармуляваць пытанне, уменне суадносіць паняцці.На "тонкае" пытанне трэба адказаць адным словам.На "тоўстае" пытанне даць разгорнуты адказ.Пасля вывучэння тэмы вучням прапаноўваецца сфармуляваць "тоўстыя" і "тонкія" пытанні на пройдзеную тэму.Затым яны задаюць адзін аднаму пытанне,выкарыстоўваючы табліцу "тонкіх" і "тоўстых" пытанняў.Напрыклад, пры вывучэнні тэмы "Раздзяляльны мяккі знак
і апостраф" у 5 класе.
"Тонкія" пытанні:
- Чаму ў словах палью, мільён пішацца раздзяляльны мяккі знак ?
Выкажыце меркаванне, што было б, калі б мы не ведалі правіла правапісу раздзяляльнага мяккага знака і апострафа.
"Тоўстыя" пытанні:
1.Перад якімі галоснымі пішацца раздзяляльны мяккі знак і апостраф?
2. Ці пішацца апостраф пасля ў(у)?
3.Пасля якіх зычных пішацца апостраф?
4. Пасля якіх зычных пішацца раздзяляльны мяккі знак?
Прыём "Жакей і конь" выкарыстоўваю на ўроках літаратуры, як форму калектыўнага навучання.
У 10 класе пры вывучэнні тэмы "Якуб Колас. Трылогія "На ростанях": гісторыя напісання і праблематыка, аўтабіяграфізм твора,яго сюжэтныя і кампазіцыйныя асаблівасці"на этапе актуалізацыі ведаў, калі прыгадваем звесткі з біяграфіі Якуба Коласа.Клас дзеліцца на дзве групы.Адна група атрымлівае карткі з пытаннямі, другая з правільнымі адказамі . Кожны "жакей" павінен знайсці свайго "каня".
"Жакей"
Сапраўднае Імя Якуба Коласа
Якія псеўданімы гэтага чалавека вам вядомы?
Калі і дзе нарадзіўся Я.Колас?
Бацька яго служыў....
Канстанцін Міцкевіч вучыўся ў пачатковай школе...
У 1898-1902 гадах вучыўся...
Пасля заканчэння семінарыі ў 1902 годзе юнак...
Назавіце мясціны Палесся,дзе жыў і працаваў Я.Колас.
За што быў зволены з пасады настаўніка?
"Конь"
1. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.
2. Агарак, Тамаш Булава, Тарас Гушча,Дзядзька Карусь,Дубовы
3. Ліст, Лесавік, Свой Чалавек, Карусь Лапаць.
4. 3 лістапада 1882 года ў засценку Акінчыцы каля Стаўбцоў.
5. Лесніком у лясніцтве князя Радзівіла.
6. У Мікалаеўшчыне.
7. У Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі.
8. Паехаў працаваць настаўнікам на Палессе.
9. Люсіна, Пінск, Пінкавічы, Луненец.
10. За ўдзел у настаўніцкім нелегальным з'ездзе.
На трэніровачна-карэкцыйным этапе выкарыстоўваю прыём "Лексічны дыктант" або "Дыктант значэнняў". Напрыклад, у 5-ым класе пры вывучэнні тэмы "Запазычаныя словы" .Вучні павінны пазнаць слова па яго лексічным значэнні, запісаць і растлумачыць арфаграмы (у-ў). (Адзін вучань працуе каля дошкі)
1) Цыркавы артыст-комік (клоўн).
2) Вялікая птушка, якая жыве ў Аўстраліі (страус).
3) Яркая сцэнічнае відовішча з удзелам артыстаў цырка або эстрады (шоу).
4) Вадкая вострая або салёная прыправа для ежы (соус).
5) Жывёльны свет (фаўна).
6) Шкляная ёмкасць з вадой для хатніх рыбак (акварыум).
Прыём "Карэктар" выкарыстоўваю пры абагульненні атрыманых ведаў, калі прайшлі тэму "Лексічнае значэнне слова".
Вучні чытаюць сказы і фармулююць заданне, якое неабходна выканаць, знаходзяць у кожным сказе словы, якія трэба замяніць. Вусна выпраўляюць і тлумачаць памылкі.
Мурашы спяваюць прыгожыя песні.
Верасень - першы месяц зімы.
Дрэва, на якім растуць яблыкі, - рабіна.
Вулей - гэта скрыня невялікіх памераў для павукоў.
Дадзены прыём карысны для развіцця ўмення знаходзіць,пераапрацоўваць, аргументаваць свой выбар.
Цікавым прыёмам,які дапамагае далучыць школьнікаў да багацця беларускай мастацкай літаратуры,выхоўваць эстэтычныя погляды
і іх жыццёвую пазіцыю з'яўляецца "Фішбоўн". У галаве рыбы пішам праблему твора, у верхняй частцы шкілета фармулюем прычыны праблемы, а ў ніжняй занатоўваем факты. Хвост выкарыстоўваем
для вываду. Гэты прыём выкарыстоўваю ў 8-ым класе пры вывучэнні апавядання Віктара Карамазава "Дзяльба кабанчыка".
Праблема - адносіны паміж дзецьмі і бацькамі .
Прычыны праблемы - паводзіны дачок,Сцяпана,эпізод дзяльбы кабанчыка,апісанне хаты, двара, выказванні маці,карціны ад'езду гасцей.
Вывад - адбываецца адчужэнне дзяцей ад бацькоўскага дома, ад родных каранёў, страчваецца адказнасць за бацькоў, пакінутых дзецьмі.
Праверыць веданне вучнямі зместу твора дапамагае прыём "Белыя плямы", "Ключавое слова", "Анкета героя".
Прыём "Белыя плямы".
Вучням неабходна запісаць замест прабелаў словы з пройдзенага твора.Напрыклад,у 6 класе па тэме "Ян Баршчэўскі ."Вужыная карона".
У маіх паноў быў лоўчы, зваўся ён...(Сямён), дом яго быў недалёка ад...(маёнтка), паншчыны ён не служыў, а ўвесь яго абавязак быў...(вартаваць лес), хадзіць на паляванне з панам ды прыносіць...(дзічыны).
Прыём "Ключавое слова".
Выкарыстоўваю у старэйшых класах.Так пры вывучэнні твора Івана Чыгрынава "Дзівак з Ганчарнай вуліцы" вучням неабходна вылучыць ключавыя словы з тэксту для таго, каб успомніць сюжэт і адказаць
на пытанні : Хто ж такі Дземідзёнак? Куды і чаму ён пайшоў?
Адказы: дзівак, боль, вайна, трагедыя, птушкі, свабода, абыякавасць.
Дзівак - за сваю пенсію купляў птушак і выпускаў на волю (свабоду).
Боль - зрабіў яго маўклівым, замкнёным, назаўсёды пагружаным у свае ўспаміны.
Вайна - пакінула горкую памяць ў жыцці Дземідзёнка і стала прычынай замкнёнасці.
Трагедая - страціў унучку, не ведаў, дзе знаходзіцца яна, што з ёй.
Птушкі - сімвал пакут нявіннага дзіцяці, сімвал усіх дзетак , якіх апаліла вайна.
Абыякавасць людзей - яны карысталіся яго дабрынёй і выманьвалі грошы.
Прыём "Анкета героя" .
Неабходна скласці анкету пра героя, указаўшы імя, узрост, колер вачэй, нацыянальнасць, захапленні, дзе і кім працуе, станоўчыя рысы характару, адмоўныя рысы характару, самы драматычны момант у жыцці героя.Вучні спачатку працуюць індывідуальна, затым абменьваюцца анкетамі у парах і дапаўняюць іх.Напрыклад,складаем анкету Даніка Мальца ,калі вывучаем твор Янкі Брыля "Урокі пані Мар'і" (6 клас), бондара Данілы і яго жонкі Аўдоцці (апавяданне З.Бядулі "Бондар"- 11 клас), Міці Бокуця (апавяданне Г.Далідовіча "Страта" 5 клас).
Анкета
1. Імя- Міця.
2.Узрост-пяцікласнік.
3.Мой знешн і- выгляд апрануты ў руды плашчык,шалік адпаведнага колеру, карычневую шапачку з чорнымі гузікамі наверсе, у акулярах,маю гадзіннік на руцэ,у мяне белы колер твару.
4. На ўроках - я кладу , як першакласнік, рукі на парту,выпрамлена сяджуі не зводжу вачэй з настаўніцы беларускай літаратуры.
5. Я люблю пасля ўрокаў-пісаць вершы, чытаць медыцынскія даведнікі, быць у адзіноце.
6. Бацькі аднакласнікаў гавораць пра мяне - надта ж белы хлопец, надта хворы,у яго белакроўе,не жылец на гэтым свеце.
7 – 8 Аднакласнікі думаюць, што - я задзіра, ганарлівец, цяльпук,
бо я - не ўмею гуляць у футбол.Але гэта не так.
9-10.На самай справе - я хворы на лейкоз.
Гэты прыём дазваляе яшчэ раз папрацаваць з тэкстам, знайсці неабходную інфармацыю ў гатовым выглядзе (узрост,знешні выгляд, поводзіны на ўроках,пасля ўрокаў, а вось 7,8,9,10 пытане - адказы
на іх трэба расчытаць,здагадацца па нейкіх прыкметах, дэталях).
Для параўнання вобразаў, твораў цікавым з'яўляецца прыём круг "Вена". Сутнасць гэтага прыёму : два кругі перасякаюцца, у кожным крузе пішацца характарыстыка героя або твора,а на месцы перасячэння кругоў указваецца агульнае ў вобразах, творах. Гэтым прыёмам карыстаюся
пры вывучэнні тэмы "В. Быкаў."Жураўліны крык".Раскрыццё ў трагічных абставінах характараў герояў"-8 клас.У 5 класе ,калі праходзім тэму "М.Танк "Ля вогнішч начлежных". Народная легенда "Нарач".Параўнальны аналіз літаратурнага і фальклорнага твора".
Пшанічны,пакрыўджаны Савецкай уладай,здрадзіў Радзіме
ўжо тады, калі прысягаў для формы, радаваўся прыходу фашыстаў,здрадзіў абдумана.
Аўсееў змаладушнічаў, убачыў, што становішча ўскладнілася, вырашыў уцячы,эгаіст.Лічыў вайну месцам, дзе можна праславіцца, атрымаць узнагароды.А калі сапраўды запахла крывёй і порахам, адразу накіраваўся ў кусты.
Агульнае - здрадзілі сваім таварышам, народу, Радзіме.
Такім чынам,прымяненне актыўных прыёмаў і метадаў сучасных адукацыйных тэхналогій дапамагае настаўніку вучыць дзяцей спадзявацца не толькі на тое, што бачыш і чуеш, але перш за ўсё на асабістыя сілы
і не баяцца рабіць спробы.Таксама методы і прыёмы выступаюць
і як спосабы рэгуляцыі паводзін, уключаючы планаванне, карэкцыю
і кантроль.
Спіс выкарыстаных крыніц
- Жуковіч, М.В. Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры / М. В. Жуковіч. – Мінск: Аверсэв, 2015.С.135 – 154.
- Ігнатовіч, В.Г. Развіццё крытычнага мыслення вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры/ В.Г.Ігнатовіч, В.А.Сідаровіч// Беларуская мова і літаратура. – 2011. - №5 – С. 28 – 35.
- Муштавинская, И.В. Технология развития критического мышления: научно-методическое осмысление/ И.В.Муштавинская// Методист. – 2002- №2. С.30 – 38.
- Руцкая, А. Выкарыстанне новых тэхналогій пры вывучэнні літаратуры / А. Руцкая// Беларуская мова і літаратура – 2004. - №5 – С. 7 – 12.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: больш за 65 тыс. Слоў/ пад рэд. М.Р.Судніка, М.Н.Крыўко. – 4-е выд. – Мінск: БелЭн, 2005. – 784 с.
- Сайт: www.nastaunik.in
разгарнуць » / « згарнуць